Кожная пятніца — роднае, сваё

У Рэчыцкай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё», адбылася сустрэча з багатым светам беларускай літаратуры «Беларуская кніга для Вас!»

Родная мова — душа народа, наш галоўны нацыянальны скарб. На працягу ўсяго мерапрыемства юныя ўдзельнікі вялі размову на роднай мове, чыталі велічныя радкі з вершаў класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў. У сваіх творах пісьменнікі ўсхваляюць любоў да Радзімы, прыгажосць і багацце роднай зямлі. Вучаць любіць і шанаваць бацькоў, Радзіму, усё роднае, сваё.

Верамейская сельская бібліятэка ў рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё», правяла агляд тэматычнай выставы «Скарбы з вясковых куфэркаў», на якой былі прадстаўлены кнігі пра беларускі арнамент і рушнік, а таксама прылады быту і адзення нашых продкаў.

Метаю мерапрыемства было выхаванне цікавасці да традыцыйнай культуры. Асаблівую цікавасць ў наведвальнікаў выставы вызвалі рушнікі і лапці, якія добра захаваліся ад нашых бабуль і дзядуль – сваё, роднае.

У Зорскай сельскай бібліятэцы ў рамках праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё» адбылася літаратурная гадзіна «Гаворым і чытаем на роднай мове». Для ўдзельнікаў мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава, на якой былі прадстаўлены творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама зборнікі твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў, прысвечаныя роднай зямлі і яе скарбам.